(Нібыта пра Беларусь. З "Лірнік вясковы" Уладзіслава Сыракомлі).

ЛІРА МАЯ ТЫ СПЕЎНАЯ! З ЧАРАЎНІЧАГА ДРЭВА,

МУСІЦЬ, ТЫ ЗМАЙСТРАВАНА.

ЛЕДЗЬ ВАЗЬМУ ЦЯБЕ Ў РУКІ, УСЕ, ЯК ЁСЦЬ, ТВАЕ ГУКІ,

І ПЕСНЯЙ Я ЎВЕСЬ ЗАБРАНЫ.

Избранное сообщение

ЗАНАТОЎКІ. ТРАВЕНЬ.

ПАДЗЯЛІЦЦА

КАМЕНТАВАЦЬ ТУТ (уваход праз):

воскресенье, 7 августа 2016 г.

ПРАБАЧЦЕ, ГЭТА НЕ АПІСКІ?

(Сёння прачытаў гэты артыкул больш як дваццацігадовай даўніны славутага нашага зямляка Ніла Гілевіча і не магу не падзяліцца, бо ўразіў! Тут хопіць думак і беларусацэнтрычным беларусам і русафілам. Апошнім, дарэчы, гэты пост адрасаваны ў першую чаргу; на карысць каб толькі...)


ПРАБАЧЦЕ, ГЭТА НЕ АПІСКІ?


"Звязда" за 13 студзеня 1993 года

 Чытаючы інтэрв'ю майго калегі, старшыні Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па нацыянальнай палітыцы і міжнацыянальных адносінах Міхаіла Аляксандравіча Слямнёва, апублікаванае ў "Звяздзе" за 6 студзеня г.г., я напаткаў два пасажы, якія мяне вельмі здзівілі. Яны настолькі неверагодныя па зместу, што я падумаў: напэўна, гэта прыкрыя апіскі, ці памылкі друку.

 Інтэрв'ю названа "Дзяржава павінна аплачваць свае даўгі". Пра што ў ім гаворка? Пра даўгі нашай дзяржавы перад... Але дамо слова аўтару: "Беларусь доўгі час была выпрабавальным палігонам ленінскай палітыкі па сціранню нацыянальных адрозненняў паміж людзьмі. I атрымалася ўсё амаль так, як і было задумана. Цяпер жа мы сталі сведкамі двух паралельных працэсаў нацыянальнага адраджэння — беларускага і малых нацыянальных груп: рускай, польскай, украінскай, яўрэйскай, літоўскай... I, думаецца, зусім не патрэбны спрэчкі, хто больш пацярпеў у выніку той заганнай палітыкі: беларусы ці татары, ці рускія, ці літоўцы... Пацярпелі ўсе ў аднолькавай ступені" (падкрэслена мною. - Н.Г.). Па-першае, пра якую дзяржаву размова? Якая дзяржава так правінілася перад людзьмі розных нацыянальнасцей? Незалежная Рэспубліка Беларусь, да якой апеліруе прафесар М. А. Слямнёў, такую віну на сябе ўзяць не можа. Наадварот, пад яе апекай ствараюцца нацыянальныя культурна-грамадскія таварыствы, адчыняюцца нацыянальныя школы і класы, пачынаюць выходзіць на мовах нацыянальных супольнасцей перыядычныя выданні. А той дзяржавы з цэнтрам у Маскве, якая праводзіла палітыку згортвання і затухання нацыянальных культур, — ужо няма, і папракаць яе позна.

 Па-другое, давайце ўдакладнім, каб не было туманна, што атрымалася і што было задумана. А было задумана русіфікаваць усе народы і народнасці былога СССР, перамяшаць усе этнасы ў адным катле, знівеліраваць іх абліччы і характары, пазбавіць іх уласнай мовы і культуры, уласнай гістарычнай памяці. Для Беларусі і беларускага народа вынікі гэтай ня людскай імперскай палітыкі аказаліся асабліва згубнымі, скажам дакладней — трагічнымі. Мова і культура вялікага славянскага народа апынуліся на краі гібелі — на апошняй мяжы знікнення. Ва ўсіх гарадах, гарадках, рабочых пасёлках былі ліквідаваны ўсе беларускія школы. Да адной! Ды і ў большасці вясковых, хоць намінальна яны і лічыліся беларускімі, беларушчына выкарчоўвалася і выветрывалася з кожным годам усё больш адчувальна, паступова зводзілася на нішто. Беларускае друкаванне слова ўжо задыхалася і зіпала, як рыба на пяску. На тэлебачанні ўжо амаль цалкам запанавала рускамоўная стыхія. Гэты ж працэс набываў сілу-моц і на радыё. Тры — на ўсю рэспубліку — беларускія тэатры, хоць і трымаліся папалам з бядой, але ўсё прыкметней пераходзілі з беларускай мовы на беларуска-рускую трасянку. Мастацкага беларускага кіно не было наогул. Пра справаводства — лепш і не гаварыць: адзінай на ўсю Беларусь канторай, дзе афіцыйныя паперы афармляліся па-беларуску, быў Саюз пісьменнікаў. На ўсю 10-мільённую Беларусь! Вось які — нават у самым скупым пераліку — быў вынік дзяржаўнай нацыянальнай палітыкі, якая ажыццяўлялася на Беларусі.

 М. А. Слямнёў гаворыць, што ад гэтай палітыкі ў нашай рэспубліцы пацярпелі ўсе ў аднолькавай ступені: і беларусы, і палякі, і яўрэі, і літоўцы, і рускія. I рускія??? Як жа гэта мы, беларусы, так прагэпілі і такое дапусцілі? Рускія на Беларусі пацярпелі! Хоць ты вачам сваім не вер! А ад чаго ж яны, выбачайце, пацярпелі? Можа, ад засілля беларускай мовы, і наогул — ад беларусізацыі? Можа, рускай мове ў нас не давалі ходу і яна тут празябала ў загоне? Можа, рускія школы ў нас былі пазачыняны? Можа, рускіх кніг, часопісаў і газет не было? Рускага кіно? Эстрады? Тэатра? Можа, не на рускай мове працавалі і працягваюць працаваць усе ўстановы і прадпрыемствы, усе калгасы і саўгасы? Чым мог быць пакрыўджаны, ад чаго мог цярпець у нас рускі чалавек — прадстаўнік рускай культуры, рускай мовы? Ды калі па шчырасці, то яго душа павінна была спяваць ад радасці — настолькі паспяхова ішла русіфікацыя ўсяго грамадскага жыцця на Беларусі, настолькі дзейсна ажыццяўлялася ў рэспубліцы асіміляцыя беларусаў, палякаў, украінцаў, татараў і іншых этнічных груп насельніцтва. А можа М. А. Слямнёў меў на ўвазе, што ў гэты час рускія людзі ў нас цярпелі душэўныя пакуты, у сэнсе — мучыліся маральна, гледзячы, як "даходзіць", канае мова браткоў-беларусаў і як тысячы беларускіх школ ператвараюцца ў рускія, як беларускія дзеткі з дашкольнага ўзросту выхоўваюцца манкуртамі і горш таго — “янычарамі”? У такім разе трэба было б ясна і сказаць: нашы браты пакутавалі за нас, беларусаў, і за тых беларускіх палякаў, яўрэяў, татараў і іншых, чыя нацыянальная мова таксама аказалася ў нас у загоне. У адрозненне ад рускай, якая запанавала на нашай зямлі амаль паўсюдна.

 М. Л. Слямнёў заклікае не ўдавацца ў непатрэбныя спрэчкі, хто больш пацярпеў ад нялюдскай нацыяналыіай палітыкі. Разумны заклік. Яшчэ чаго не хапала — спрачацца, каму мацней балела: беларусам, калі іх мову выганялі з дзяржаўных і грамадскіх устаноў, палякам, калі зачыняліся іх школы і перыядычныя выданні, яўрэям, калі ліквідавалі іх выдатны нацыяльны тэатр у Мінску, а таксама школы і газеты? Усім балела. Усе перажывалі сваю крыўду. I аднак жа тут ёсць адзін момант, пра які трэба абавязкова помніць — бо без гэтага немагчыма зразумець асаблівае самапачуванне пакрыўджанага беларуса і яго рашучы сённяшні настрой на нацыянальнае адраджэнне. Дазволю сабе яшчэ раз паўтаршць тое, што гаварыў ужо безліч разоў. Як бы ні балела беларускім палякам за несправядлівасць у дачыненні да іх нацыянальна-культурных патрэб — яны ведалі, яны помнілі, яны разумелі: ёсць Польшча, і пакуль яна ёсць — датуль будзе жыць на свеце польская мова, якой нішто не пагражае, і ад усведамлення гэтага ім хоць трохі рабілася лягчэй на душы. Маўляў, ну што ж, дрэнна, несправядліва чыніць справы начальства, але надзея застаецца з намі, і гэта надзея — Польшча, і польская мова ў Польшчы, дзе ёй жыць і квітнець вечна. Дакладна гэтак жа маглі сябе хоць трохі суцешыць беларускія летувісы, ведаючы, што іх надзея — іх Летува — не памрэ, як не памрэ ў Летуве іх мова. Гэтак жа, цяжка перажываючы крыўду, маглі суцяшаць сябе і людзі ўсіх іншых нацыяналыіых супольнасцей на Беларусі. Усіх — апрача "супольнасці" саміх беларусаў. Мы суцешыць сябе такою надзеяй — не маглі. Разам з мовай у нас адымалася апошняя надзея. Бо нідзе ў свеце Беларусі, апрача вось гэтай, дзе мы жывём, няма. У гэтым уся розніца. Яна не ў ступені болю ад пацярпеласці. а ў разуменні маштабаў трагедыі. У першым выпадку — цярпела і падлягала асіміляцыі большая ці меншая група прадстаўнікоў пэўнай нацыянальнасці, чыя гістарычная радзіма дзесьці і чыя родная мова там з'яўляецца дзяржаўнай і пануе непадзельна і безагаворачна. У другім выпадку — што датычыць нас, беларусаў — размова ідзе не пра групу людзей пэўнай нацыянальнасці, а пра цэлы народ, пра ўвесь беларускі народ, пра асноўную карэнную нацыю гэтай зямлі, гэтай нашай адвечнай тэрыторыі. Для нас як для народа — у адрозненне ад тых братоў нашых, палякаў і іншых — гэта пытанне жыцця і смерці. Або-або! Або — выстаім і ацалеем, або далейшая русіфікацыя пакончыць з намі назаўсёды. Беларусаў як нацыі не стане.

 Не думаю, што прафесар М.А. Слямнёў не разумее ўсяго гэтага. Значыць — прыкрая апіска ў яго размове з журналістам? Хацеў бы верыць, што так.

 Ёсць і яшчэ падобнага характару апіска ў звяздоўскім інтэрв'ю майго шаноўнага калегі. Мы, разважае М.А.Слямнёў, павінны стварыць такую беларускую дзяржаву, у якой ''чалавек сябе адчуваў бы грамадзянінам дзяржавы і ганарыўся б гэтым. А калі ў яго прачынаюцца нацыянальныя пачуцці і патрэбнасці, дык дзеля іх задавальнення чалавек мае магчымасць працаваць у нацыянальных таварыствах'' (падкрэслена мною. — Н.Г.). Паколькі ніякія агаворкі не зроблены, значыць, гэта датычыць усіх насельнікаў Беларусі. I беларусаў таксама. Значыць, беларус на сваёй роднай зямлі будзе задавальняць свае нацыянальныя пачуцці і патрэбнасці толькі ў нацыянальных таварыствах. Значыць, па ўзору армянскага ці азербайджанскага ўтворым на Беларусі і беларускае таварыства. Ну, што ж, шчыра дзякуй і за гэта: якая-ніякая, а ўсё-такі перспектыва. Але дазвольце запытацца: дык што — па-за межамі беларускага нацыянальнага таварыства нацыянальныя пачуцці і патрэбнасці беларусаў на Беларусі павінны адключацца, бо задавальняцца не будуць? У беларускай дзяржаве ўвесь стыль жыцця ў цэлым будзе не беларускі? Спрабую ўявіць: у Францыі нацыянальныя пачуцці і патрэбнасці французаў задавальняюцца толькі ў французскіх нацыянальных таварыствах, а проста ў жыцці і на кожным кроку — не! У Балгарыі — толькі ў балгарскіх таварыствах, у Фінляндыі — толькі ў фінскіх і г.д. Не ўяўляецца! Ніяк не ўяўляецца! Жыццё французаўу Францыі французскае па пачуццях і патрэбнасцях усюды і скрозь, на ўсёй тэрыторыі іх дзяржавы, кожны дзень і кожную хвіліну. Што ж выходзіць? Няйначай, як таксама прыкрая апіска ў тэксце інтэрв'ю.

 Шкада, што гэтыя апіскі прайшлі ў друк. Шкада, бо яны належаць чалавеку з высокай дзяржаўнай пасадай і чытачоў недасведчаных могуць дызарыентаваць у пытаннях міжнацыянальных адносін.

 Добра помніць і клапаціцца пра ўсе нацыянальныя супольнасці на Беларусі, і трэба гэта рабіць, абавязкова, але не за кошт нацыянальных інтарэсаў і не цаной прыніжэння народа-гаспадара, які гэту зямлю, гэту краіну назваў сваім імем. Бо іначай мы будзем працягваць тое, што было, што тварылася ў нас на Беларусі раней — тую ж самую дэнацыяналізацыю народа, толькі — больш цывілізаванымі спосабамі. У прыватнасці, спосабам пераводу беларускага народа на іншы статус, прыраўнаннем яго да нацыянальных меншасцяў.

Комментариев нет:

Отправить комментарий