(Нібыта пра Беларусь. З "Лірнік вясковы" Уладзіслава Сыракомлі).

ЛІРА МАЯ ТЫ СПЕЎНАЯ! З ЧАРАЎНІЧАГА ДРЭВА,

МУСІЦЬ, ТЫ ЗМАЙСТРАВАНА.

ЛЕДЗЬ ВАЗЬМУ ЦЯБЕ Ў РУКІ, УСЕ, ЯК ЁСЦЬ, ТВАЕ ГУКІ,

І ПЕСНЯЙ Я ЎВЕСЬ ЗАБРАНЫ.

Избранное сообщение

ЗАНАТОЎКІ. ТРАВЕНЬ.

ПАДЗЯЛІЦЦА

КАМЕНТАВАЦЬ ТУТ (уваход праз):

четверг, 28 июля 2016 г.

У. СЫРАКОМЛЯ

 "Гартаў" учора Яндэкс-карты і выпадкова натрапіў на вуліцу імя Уладзіслава Сыракомлі (у Пінску) - быў прыемна ўражаны! Нечакана! Сыракомля - выбітны беларус: паэт, празаік, публіцыст, краязнавец, гісторык 19 ст. Але і такія беларусы вельмі часта знаходзяцца па-за межамі нашай нацыянальнай самасвядомасці (я, напрыклад, пачуў гэтае імя летась толькі; пашанціла набыць і кнігу), а тут - вуліца! 
 Творчасць (тое, што паспеў прачытаць) таксама ўразіла. Ніжэй можна крыху пачытаць ды па спасылцы спампаваць кнігу.


Гімн да Найсвяцейшай Панны
ў Вострай Браме

Маці, Ты клічаш маліцца
Нас у няздарнасці горкай.
Ты над ліцвінскай сталіцай
Свецішся ранішняй зоркай.
Глянь на натоўп, што ўтрапёна
Хоча абраз Твой прывеціць.
Маці! Тваёй абароне
Мы аддаемся, як дзеці!
Неба высокага Пані!
Глянь на наш род чалавечы:
Сэрцы нам смутак параніў,
Хто нашы сэрцы палечыць?
Хто нас пяшчотай агорне
Найласкавейшай на свеце?
Маці! Тваёй абароне
Мы аддаемся, як дзеці.
Кожны, хто хворы, бяздольны,
Аб Тваёй літасці моліць,
Хто ж нас прытуліць спатольна,
Хто нашы раны загоіць?
Ласка Твая — цуд натхнёны —
Гойным бальзамам ільецца.
Маці! Тваёй абароне
Мы аддаемся, як дзеці.
Грэшныя ў путах падману
I неспатольнае смагі 
Ўзняць свае вочы на Панну
Нават не маем адвагі.
Дай нам надзею ў палоне,
Выблытай з грэшнае сеці.
Маці! Тваёй абароне
Мы аддаемся, як дзеці.
Цісне калі нас хвароба,
Сына Ты ўпрошвай зычліва,
Благаславі земляроба,
Благаславі плён на нівах,
Благаславі край наш родны
I апрані яго ў квецень!
Маці! Тваёй абароне
Мы аддаемся, як дзеці.
Матчына ласка без меры
Ежай стаецца галодным:
Бедныя сем’і па веры
Просяць аб хлебе штодзённым.
Здольная ў зорнай кароне
Ўсіх у патрэбе прыкмеціць,
Маці! Тваёй абароне
Мы аддаемся, як дзеці.

1858

Ці вось яшчэ ўрывачак з "Сядзібы Залуча":


"Адзінокая, са старым дамком, ані адным дрэвам не прыцененая наднёманская сядзіба, што бачыла маю раннюю маладосць, не багатая на падзеі, але поўная ўсякіх пачуццяў, уражанняў, памятак з малых і сталых гадоў майго жыцця; сядзіба, сама назва якой звязана са столькімі маімі ўспамінамі, якая прыняла мяне дзіцем, песціла, калі стаў хлопцам, а потым выхавала з мяне, мусіць, аж занадта сур’ёзнага чалавека, — ад цябе пачынаю я сваю вандроўку, табе належыць першая старонка ў гэтай кніжцы! Хлеб з тваіх пясчаных палёў карміў маё цела, твае панурыя лясы, квяцістыя лугі, ні з чым не зраўняныя салоўкі выхавалі ў маёй душы замілаванне да красы нашай прыроды, тваёй самотнай глушы ўдзячны я за тое, што палюбіў песні і кнігі, у якіх бачу ўсю сваю будучыню. У падзяку за ўсё гэта я пашукаю ў зніклых вяках сляды тваёй мінуўшчыны — не гістарычных падзей, бо нам з табой не суджана было адыграць нейкай важнай ролі ў свеце. Вось я разгортваю геаграфічную карту і, сочачы за бегам Нёмана, шукаю месца, дзе ты ляжыш…"

СПАСЫЛКА, КАБ СПАМПАВАЦЬ КНІГУ, ТУТ

суббота, 23 июля 2016 г.

ДРУГАСНАЕ І ГАЛОЎНАЕ.

Гартаем каляндар і бачым: 24 ліпеня дзень памяці роўнаапостальнай Вольгі, вялікай княгіні расійскай, у святым хрышчэнні... (паводле, напрыклад, календара з расійскага сайта Православие.Ru). І яшчэ: 24 ліпеня дзень памяці роўнаапостальнай Вольгі, вялікай княгіні кіеўскай, у святым хрышчэнні... (паводле, напрыклад, "Беларускага Праваслаўнага календара" выдання Свята-Петра-Паўлаускага сабора Мінска, рэкамендаванага Выдавецкім Саветам БПЦ ). Заўважаем розніцу. І далей, бо папярэдняе - толькі дарэчы.

Сапраўды галоўнае ўтрымлівае вось гэтая спасылка. 


І верш:



Удержаны мои глаза,
простите, бабочки и птицы,
но надвигается гроза,
и надо бы поторопиться;
кто позаботится о нас,
с тех пор, как мы осиротели,
бредем, не разлепляя глаз,
без утешения, без цели…
Откуда спутник наш узнал
о тайной вечере, о чаше;
когда об этом толковал,
не сердце ли горело наше;
душа, как птица на груди,
давно ли так была согрета?
– Останься с нами, не ходи
в селенье сумрачное это.
Есть хлеб у нас и есть вино,
для ужина не так уж мало,
нам это Господом дано,
и этого всегда хватало.
– Останься с нами – не видна
дорога, потемнело небо.
…Вдруг отделилась пелена
от глаз, когда частицу хлеба
Он преломил, явив Дары
для них как трапезу простую.
О сердце сумрачной поры,
зачем ты бьёшься вхолостую?



Михаил Иверов, "Клеопа и Лука на пути в Эммаус".

Мф., 24, 12-35.

 У той час Пётр, устаўшы, пабег да магілы і, нахілíўшыся, убачыў, што толькі пало́тны ляжаць; і пайшоў назад, здзіўля́ючыся ў сабе таму, што адбыло́ся. І вось двое з іх у той жа дзень ішлі ў пасе́лішча, якое знахо́дзілася ста́дыях  у шасцíдзесяці ад Іерусаліма і называ́лася Эмау́с; і яны размаўля́лі між сабою пра ўсё тое, што адбылося. І ста́лася: калі яны размаўлялі і разважа́лі, Сам Іісус, наблíзіўшыся, пайшоў з імі, але вочы іх былí стры́маны, так што яны не пазналі Яго. Ён жа сказаў ім: пра што гэта вы, ідучы́, разважа́еце між сабою і чаму такія засму́чаныя? У адказ адзін, імя́ якога Клео́па, сказаў Яму: Ты адзíны з падаро́жных у Іерусаліме не ведаеш пра тое, што адбыло́ся ў ім у гэтыя дни? І сказаў ім: пра што́ Яны ж сказалі Яму: пра тое, што адбыло́ся з Іісусам Назаранíнам, Які быў прарок, моцны ў справе і слове перад Богам і ўсім народам, і як вы́далі Яго першасвятары́ і начальнікі нашы для асуджэ́ння на смерць і распя́лі Яго; а мы спадзява́ліся, што Ён Той, Хто павíнен вы́бавіць Ізра́іля, але пры ўсім гэтым, сёння трэці дзень, як гэта ста́лася; але і некаторыя жанчыны з нашых ура́зілі нас: пабыва́ўшы ра́на каля магілы і не знайшо́ўшы це́ла Яго, яны прыйшлі і казалі, што бачылі і яўле́нне Ангелаў, якія кажуць, што Ён жывы́; і пайшлі некаторыя з нашых да магілы і знайшлі ўсё так, як і жанчыны сказалі, але Яго не бачылі. І Ён сказаў ім: о, неразва́жлівыя і мару́длівыя сэ́рцам, каб верыць усяму, што гаварылі прарокі! ці не так нале́жала адпаку́таваць Хрысту і ўвайсці ў славу Сваю? І, пачаўшы ад Маісея і ад прарокаў, тлума́чыў ім ва ўсім Пісанні тое, што ска́зана пра Яго. І наблíзіліся яны да пасе́лішча, у якое ішлі; і Ён рабіў вы́гляд, што пойдзе дале́й; а яны затры́млівалі Яго, ка́жучы: заста́нься з намі, бо вечарэ́е і дзень на зыхо́дзе. І Ён увайшоў, каб застацца з імі. І ста́лася: калі Ён узляжа́ў з імі, то, узяўшы хлеб, благаславíў і, пераламíўшы, даваў ім. І адкры́ліся ў іх вочы, і яны пазна́лі Яго, ды Ён стаў няба́чны для іх. І сказалі яны адзін аднаму: хіба́ не гарэ́ла наша сэрца ў нас, калі гаварыў Ён з намі па дарозе і калі тлума́чыў нам Пісанне? І, уста́ўшы ў той жа час, яны вярну́ліся ў Іерусалім і знайшлí сабра́ных разам адзіна́ццаць і тых, што былí з імі, якія гаварылі, што Гасподзь сапраўды́ ўваскрэ́с і явíўся Сíману. А яны расказвалі, што́ было́ ў дарозе і як яны пазна́лі Яго пры пераламле́нні хле́ба.


Евангелле паводле Матфея, 24, 12-35.

воскресенье, 17 июля 2016 г.

ТАЯМНІЦА ГІБЕЛІ КУПАЛЫ: ці насамрэч пераблыталі Луцевіча з Луцкевічам, або Вершнік без галавы.

28 чэрвеня, 74 гады таму, у Маскве загінуў Янка Купала. Да гэтай пары ягоная сьмерць — таямніца, якой усур’ёз ніхто так і ня браўся разгадаць. Сваю вэрсію сьмерці народнага песьняра мае паэт Уладзімер Някляеў. Перадача з архіву Свабоды.







Міхась Скобла: “Спадар Уладзімер, як вядома, існуе тры трактоўкі сьмерці Янкі Купалы: няшчасны выпадак, самазабойства і забойства. Вы да якой схіляецеся?”

Уладзімер Някляеў: “На сёньняшні дзень я схіляюся да думкі, што гэта было забойства. Хоць, паўтаруся, гэта толькі адна з вэрсій. Але я гатовы прывесьці пэўныя аргумэнты”.

Скобла: “Як вы лічыце, ці існуе крымінальная справа з выпадку сьмерці Купалы, і дзе яна можа захоўвацца?”

Някляеў: “У любым выпадку абавязкова па факце сьмерці павінны былі завесьці крымінальную справу. Сьледзтва ж вёў ваенны пракурор Масквы. Дык як мог той пракурор правесьці ўсё сьледзтва без адзінай паперыны? Ніяк ня мог. Хоць адна паперына, а гэта і значыць — крымінальная справа, павінна была быць. Дзе яна?.. Доступу да яе нікому з тых, каго так ці інакш цікавіць Купала, не ўдалося дамагчыся. У тым ліку і мне — ні ў нядаўнія часы перабудовы, ні ў найноўшы час дэмакратыі.

Калі я быў рэдактарам часопісу “Крыніца”, старшынём Саюзу пісьменьнікаў, то пісаў запыты ў адпаведныя інстанцыі. І мяне дапусьцілі да менскіх архіваў КДБ, тады камітэтам кіраваў Ягораў, якога я дастаткова добра ведаў. Можна з пэўнасьцю сказаць: па Купалу ў Беларусі нічога няма. Па маёй інфармацыі, крымінальная справа існуе, і захоўваецца яна ў архіве Прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі — былым архіве ЦК КПСС”.

Скобла: “Цягам апошніх гадоў многія раней сакрэтныя справы рассакрэцілі. Напрыклад, пра забойства Саламона Міхоэлса. Чаму ж купалаўскую за сем замкоў схавалі?”

Някляеў: “Зьвесткі, якія ўтрымліваюцца ў той крымінальнай справе, і на сёньня ўяўляюць небясьпеку для тае сыстэмы, якая нібы стараецца зьмяніцца, але нічога ў яе не атрымліваецца. Яна вылузваецца са скуры, а потым зноў у тую самую скуру ўлузваецца. Але позна ці рана справа праясьніцца”.

Скобла: “Пытаньне, якога пазьбегнуць немагчыма. Навошта было Сталіну прыбіраць Янку Купалу — паэта-ардэнаносца, ляўрэата Сталінскай прэміі, паэта, які прысягаў: “Табе, правадыр, мае песьні і думы…”

Някляеў: “Зусім слушнае пытаньне, якое спыняла многіх дасьледчыкаў у іхных пошуках. Яго мне задаваў і Георгі Колас, аўтар выдатнай кнігі пра Купалу “Карані мітаў”: “А за што яго было забіваць, ён жа ўсё рабіў, як патрабавалі”. Але тады не было тых дакумэнтаў, якія выплылі пазьней. Вось глядзіце.

14 красавіка 1942 году на пасяджэньні ЦК КП(б)Б прымаецца рашэньне “Аб правядзеньні 60-гадовага юбілею народнага паэта Беларусі Якуба Коласа”. Сьвяткаваньне прызначаецца на лістапад, ствараецца юбілейная камісія на чале з сакратаром ЦК Гарбуновым, у якую разам са старшынём Саюзу пісьменьнікаў Лыньковым уваходзіць і Янка Купала. Але ж купалаўскае 60-годзьдзе раней за коласаўскае, ня ўвосень, а ўлетку, — дык дзе ж пра юбілей Купалы якое-небудзь рашэньне? Няма… І ня будзе. Значыць, сьвяткаваць не зьбіраліся.

Але Купалу ўрадавай тэлеграмай выклікаюць з-пад Казані ў Маскву. І ён зьбіраецца і, калі ўжо едзе на юбілей, пытае дазволу на тое, каб узяць з сабой жонку. Зусім нечакана для яго дазволу не даюць. Катэгарычна адказваюць: “Не. Вас выклікаюць аднаго”. І ў спадарожніцы яму замест жонкі выпраўляюць “наглядчыцу” — старшыню Вярхоўнага Савету БССР Грэкаву. Купала разгублены, ён і ўявіць ня мог, каб адмовілі ў просьбе паехаць разам з жонкай. На юбілей, на сьвята… Раней такога не здаралася, нешта тут ня тое… І гэтае нешта не магло не насьцярожыць. Да таго ж, для насьцярогі мелася яшчэ адна прычына, значна больш істотная.

У лютым 1942 году Бюро ЦК КП(б)Б прымае пастанову аб скліканьні ў Казані сэсіі Беларускай Акадэміі навук. З дакладам, тэзісы для якога напісаў сакратар ЦК КПБ Гарбуноў, на сэсіі даручаецца выступіць Янку Купалу. Тэма дакладу не абы-якая: “Беларуская інтэлігенцыя ў дні Айчыннай вайны”. І вось што прамаўляе Янка Купала на той сэсіі 12 сакавіка:

“Кажуць, што вуліцу, на якой жыў я ў Менску, яны (немцы. — У.Н.) назвалі маім іменем. Таксама, бачыце, “паважаюць” пісьменьніка. Але будзьце вы праклятыя, крывавыя вырадкі, за такую “павагу”! Спачатку вы паслалі сотні самалётаў, спалілі гэтую вуліцу, кінулі дзясяткі бомбаў на мой дом, спалілі яго разам з маімі рукапісамі, а цяпер вы прыкідваецеся прыхільнікамі культуры. Такога зьдзеку над культурай яшчэ ня бачыў сьвет, і я, сумленны савецкі чалавек, плюю ў ваша крывавае рыла і ўсім сэрцам сваім жадаю пагібелі вам, катам беларускага народу, катам беларускай культуры…”

Cкобла: “Патасны выступ. У стылі вершу “Партызаны, партызаны, беларускія сыны…”

Някляеў: “Я перакананы, што толькі дзеля гэтага выступу Купалы й была прыдумана ў Казані тая сэсія Акадэміі навук. Бо сапраўды прыйшло паведамленьне, што ў акупаваным Менску зьявілася вуліца імя Янкі Купалы. Вуліца Купалы павінна была зьявіцца ў Менску яшчэ да вайны: вясной 1941 году прапаноўвалася ў гонар паэта перайменаваць вуліцу Садовую. Аднак Панцеляймон Панамарэнка, нібыта “абаронца і заступнік” Янкі Купалы, асабіста выкрасьліў тую “прапанову працоўных” з праекту партыйнай пастановы. Чырвоным алоўкам.

А ўжо восеньню, усяго праз паўгоду, вуліцы і плошчы ў Менску пераймяноўваюцца немцамі. Пастановы падпісвае цяпер не сакратар ЦК Панамарэнка, а начальнік Менскай палявой камэндатуры Шлегельхофэр. І вуліцу Кастрычніцкую, на якой жыў Купала, называюць вуліцай імя Івана Луцкевіча. Не Івана Луцэвіча — паэта Янкі Купалы, а Івана Луцкевіча — аднаго з пачынальнікаў беларускага адраджэньня, заснавальніка Беларускай Рэвалюцыйнай Грамады, гісторыка, археоляга і этнографа, заўчасна памерлага ад сухотаў у 1919 годзе”.

Скобла: “Вы сказалі, што даклад Купалу “дапамог напісаць” Цімох Гарбуноў. Ужо хто-хто, а ён Луцкевіча і Луцэвіча зблытаць ня мог. Ён жа ў свой час займаўся віленскім музэем Івана Луцкевіча. Значыць, як мінімум пра існаваньне Луцкевіча ведаў”.

Някляеў: “У тым то ўся і штуковіна. А калі б і ня ведаў, то высьветліць было нескладана. Напрыклад, на радыё ў Менску, па якім абвяшчалася пра перайменаваньне вуліц, працавала жонка Пятра Глебкі Ніна Ларывонаўна, якая, безумоўна, была неяк зьвязаная з савецкімі спэцслужбамі, інакш бы як яна, паслужыўшы ў цэнтры нямецкай прапаганды, пасьля вайны ўратавалася — хай сабе і з мужам-ордэнаносцам? Дарэчы, Ніна Ларывонаўна (па сьведчаньні Аркадзя Куляшова), папярэджвала Глебку, каб ня надта набліжаўся да Купалы, бо побач з тым — небясьпека”.

Скобла: “Але ж калі б у Менску захацелі б сапраўды ўшанаваць Купалу, то вуліцу й назвалі імем Янкі Купалы. Не іначай. Няўжо паэт ня мог усё гэта дзе трэба пераўдакладніць?”

Някляеў: “Што Купала мог “дзе трэба пераўдакладніць”, калі там, “дзе трэба”, зь ім адносіны даўно і назаўсёды ўдакладнілі. Таму й ня дзіва, што ў данясеньні пра ягоную сьмерць данесьлі, па сутнасьці, пра сьмерць іншага чалавека. Пра сьмерць таго, чыім іменем названая немцамі вуліца ў Менску.

У афіцыйным паведамленьні, надрукаваным 30 чэрвеня ў газэце “Известия” і 2 ліпеня ў газэце “Савецкая Беларусь”, пра сапраўдныя абставіны сьмерці Янкі Купалы, зразумела, ні слова. А вось што дакладвалася пра гэтыя абставіны 29 чэрвеня ў апэратыўным данясеньні (“спецсообщении”, як яно называецца) на імя наркама ўнутраных справаў СССР Берыі (з копіямі Сталіну і Молатаву):

“28 июня в 22 часа 30 минут в гостинице “Москва” упал в лестничную клетку и разбился насмерть поэт Белоруссии Луцкевич Иван Доминикович”.

Што “спецсообщается” пра Янку Купалу — зразумела. Толькі чаму ён Луцкевіч, а не Луцэвіч? Памыліліся? У данясеньні на імя Берыі з копіяй Сталіну?..”

Скобла: “Там падобных памылак быць не магло”.

Някляеў: “Ну вядома ж. Хіба ў Купалы, Івана Дамінікавіча Луцэвіча, не было пашпарта, пасьведчаньня? Выбачайце, я знайшоў дакумэнт, дзе пад №20 апісаны нават пачак запалак, адна штука, а пасьведчаньняў розных (апрача пашпарта №І НУ 580393) ажно чатыры. Дык не глядзелі?.. І без таго неяк ведалі, што Луцкевіч?.. Прычым, настолькі ведалі, што менавіта так, Луцкевіч, напісалі прозьвішча не аднойчы, што яшчэ можна было б лічыць памылкай, а праз усё данясеньне: Луцкевіч, Луцкевіч, Луцкевіч…

Давайце зноў зьвернемся да апэратыўнага данясеньня:

“Предварительным выяснением обстановки падения никаких данных, свидетельствующих о насильственной смерти или самоубийстве, не установлено.

Гэткая “пустая” фармулёўка пры данясеньні на самы верх выглядае даволі дзіўнай, бо, як мінімум, не выключае грознага пытаньня зьверху: “Что же вы выясняли вашим предварительным выяснением?” Што вы нам “спецсообщаете?” Што вы там рабілі? У пыл бы пайшлі… Ды падобна на тое, што ніхто не чакаў і не асьцерагаўся ніякіх грозных пытаньняў, нібы там, куды пра гэта дакладвалася, загадзя ўсё вядома.

Чытаем далей:

“Происшествию предшествовали следующие обстоятельства: примерно в 21 час Луцкевич был приглашен в комнату 1034 (десятый этаж той же гостиницы) к проживающему там председателю Союза советских писателей Белоруссии Лынькову, где присутствовали там же писатель Крапива… зав. отделом редакции “Известия” Войтинская. Луцкевич пришел в нетрезвом виде и с присутствующими еще выпил несколько стопок шампанского. Примерно в 22 часа Войтинская и Крапива из номера ушли и минут через 10 после них вышел Луцкевич. Момент и обстоятельства падения Луцкевича никто не видел. Можно предполагать, что упал он с 9-го этажа, так как начиная с 7-го этажа в лестничной клетке обнаружены отдельные капли крови. При осмотре комнаты, занимаемой Луцкевичем, обнаружены около стола две бутылки из-под шампанского и не убранная со стола посуда с запахом вина. Других данных, связанных с происшествием, не обнаружено. Следствие ведет военный прокурор гор. Москвы. Начальник 3 Управления НКВД СССР (Горлинский). №3/3/6661”.

Скобла: “Адразу кідаецца ў вочы д’ябальская лічба 666…”

Някляеў: “Нават так… Але зьвярніце ўвагу: агледзеўшы пакой, не знайшлі анічога, апроч сьлядоў папойкі, якая роўненька кладзецца ў нібы загадзя падрыхтаваную вэрсію: напіўся — і зваліўся. Апроч блытаніны з прозьвішчам Купалы, яшчэ шмат чаго, напісанага ў гэтым дакумэнце, не супадае са сьведчаньнямі многіх і многіх людзей. Да прыкладу, Пятро Глебка ва ўспамінах сваіх расказвае, як ён гадзін пад дзесяць вечара зайшоў у нумар да Лынькова, дзе праз колькі хвілінаў зазваніў тэлефон. Узяўшы трубку і перадаўшы яе Купалу, Лынькоў папрасіў усіх гасьцей выйсьці на балькон, бо званіў нехта такі, з кім размову Купалы нікому ня трэба было чуць. Пагаварыўшы, Купала адразу пайшоў з нумару, быццам некуды тэрмінова пакліканы…

Па ўскосных сьведчаньнях, у нумар Лынькова званіў Купалу ў той вечар Гарбуноў. Да сакратара ЦК па ідэалёгіі Купала, вядома, мог засьпяшацца — хоць цьвярозы, хоць нападпітку… Але ж Глебка сярод гасьцей нумару №1034 у апэратыўным данясеньні не называецца. Ён што: схаваўся на бальконе і яго не знайшлі? Ці ў пачатку 1960-х гадоў, якімі датуюцца ўспаміны Глебкі, пацягнула Пятра Фёдаравіча на фантазіі, навыдумляў ён нешта — і ў нумары Лынькова яго не было? І не было ніякага тэлефоннага званка?..

Аднак і пра прысутнасьць Глебкі, і пра тэлефонны званок сьведчыла Соф’я Захараўна Касьпіц, жонка Лынькова. Толькі яна сьцьвярджала, што званок быў не ад Гарбунова, а званіла літоўская партызанка Ірэна. Не выключаю, што Купала мог засьпяшацца як да партыйнага сакратара, так і да партызанкі Ірэны, але навошта тады Лынькоў выпраўляў усіх гасьцей на балькон?”

Скобла: “Што яшчэ ў гэтай справе насьцярожвае: ніхто з тых, хто жыў на той час у гатэлі “Масква”, не пакінуў падрабязных успамінаў. Як быццам яны ўсе далі падпіску аб неразгалошваньні”.

Някляеў: “Усё роўна для мяне не зразумела. Ну, вось я сябе бяру. Ну даў я падпіску. Маўчу. Але як не напісаць для сябе, у стол, дзе-небудзь, на будучыню — яны ж літаратары…

Але ж у Маскве тады жылі ня толькі літаратары. У свой час лёс зьвёў мяне з народнай артысткай СССР Ларысай Александроўскай. У зборніку ўспамінаў пра Купалу “Такі ён быў” (1975) яна згадвае, як перад яе ад’ездам Купала ўсё парываўся ёй нешта сказаць, але так і не сказаў. Калі б гэты зборнік выдаваўся цяпер, ва ўспамінах Александроўскай вось што было б напісана: “Разьвітваючыся, ён браўся за рукі, не адпускаў… Казаў: “Ларыса, перапёлачка, ня ехала б ты нікуды, кепска мне будзе… Можа, і ня жыць”. Так запісана мной са словаў Ларысы Пампееўны на аркушы паперы, які меўся стаць адной са старонак кнігі яе ўспамінаў…

І далей словы Александроўскай: “Гэта ўстрывожыла мяне, мы тады ўсе былі нэрвовымі — у “Маскве”… Перад самым ад’ездам пра размову з Купалам я сказала Гарбунову. Гарбуноў адмахнуўся, раззлаваўся нават: “Слухай ты яго! Ён усім тое самое кажа”. Наўрад ці Купала казаў тое самае сакратару ЦК…

Як я шкадую, што не зрабіў літаратурнага запісу мэмуараў Александроўскай, як яна мяне пра тое прасіла!.. Яна столькі ведала! Аднак, чалавек сталінскіх часоў, Ларыса Пампееўна ставіла такія кансьпіратыўныя ўмовы запісу яе ўспамінаў, што на тое, каб напісаць кнігу, спатрэбілася б гадоў пяць”.

Скобла: “Яна не дазваляла пісаць на магнітафон?”

Някляеў: “Ні ў якім разе. І кожны лісток адразу ж забірала дадому. Я ў той час працаваў у Беларускім тэатральным аб’яднаньні, дзе Александроўская старшынявала. Аднойчы з Уладзімерам Іскрыкам (у той час таксама супрацоўнікам БТА, а пазьней работнікам апарату Саўміну) мы ў прысутнасьці Ларысы Пампееўны завялі спрэчку пра аднаго літаратара… ну, назавем яго В.Б.Г. Гэта першыя літары нават ня прозьвішча, а мянушкі чалавека”.

Скобла: “Ну, мянушку хоць назваць можна?”

Някляеў: “Добра, назаву. Вершнік без галавы”.

Скобла: “Рыгор Бярозкін, па сьведчаньні Валянціна Тараса, “вадзіцелем без галавы” называў Алеся Кучара”.

Някляеў: “Ні я, ні ты ня маем на руках ніякіх дакумэнтаў, таму нічога сьцьвярджаць ня можам. Для гэтага патрэбныя неабвержныя факты. Словаў Бярозкіна ці Александроўскай недастаткова. Недастаткова для абвінавачаньняў. Але дастаткова для роздуму, для супастаўленьняў… Дык вось, Александроўская пра В.Б.Г., перапыняючы маю з Іскрыкам спрэчку, раптам сказала: “Ён Купалу й забіў”.

Ашаломлены, я вырашыў, што гэты самы В.Б.Г. браў у зьнішчэньні Купалы самы непасрэдны, фізычны ўдзел — і стаў угаворваць Ларысу Пампееўну, каб яна засьведчыла ягонае імя на паперы. Ну, калі ўжо мы сабраліся пісаць кнігу ўспамінаў… Быў пачатак 1970-х, і жанчына сталінскіх часоў паглядзела на мяне, як пазіраюць звычайна на тых, пра каго кажуць: дурны, як сабака да году. Праз паўзу, нібы шкадуючы пра тое, што слова — не верабей, дагаварыла: “Ён напісаў данос, празь які Купалы ня стала”.

Скобла: “Менавіта данос пра тое, што ў акупаваным Менску немцы назвалі імем Купалы вуліцу?”

Някляеў: “Як аказалася — так. Але тады я ніяк ня мог зразумець: што ж за данос можна было напісаць на Купалу, які сядзеў сабе ціха на млыне ў Печышчах, у глушы пад Казаньню? І нічога я тады ня мог супаставіць, бо не было чаго з чым. Цяпер ёсьць. Як дэзынфармацыя пра тое, што ў акупаваным Менску зьявілася вуліца імя Янкі Купалы, прайшла на самы верх?.. Чаму яна не правяралася?.. Было ж праз каго пры жаданьні спраўдзіць. Пра Глебчыху я ўжо казаў, ды й другія каналы меліся.

Аркадзь Куляшоў быў перакананы, што Купалу забілі. Месца ў гатэлі “Масква” паказваў: “Вось тут зь ім расправіліся”.

Глебка, хоць і асьцярожна, але сьцьвярджаў тое ж.

Пімен Панчанка запісаў у дзёньніку: “Забілі Купалу — заб’юць і мяне”. Броўка казаў, што Купала, прыехаўшы ў Маскву, нечага баяўся, асабліва ўначы, і разам з Твардоўскім яны ў яго начавалі, Купала не адпускаў”.

Скобла: “Прадчуваў, што “вуліца Купалы” ў Менску прыдумвалася ня так сабе…”

Някляеў: “Ну так, у Купалы была вельмі добрая інтуіцыя. Прадчуваў ня толькі Купала. Ларыса Александроўская расказвала: “Мы тады ўсе былі нэрвовымі…” Не для таго, каб неяк пацьвердзіць яе словы, сумнявацца ў якіх ня маю падставаў, а для большага ўяўленьня пра тое, які настрой панаваў у асяродку беларусаў, што жылі ў гатэлі “Масква”, калі там пасяліўся Купала, працытую некалькі сказаў зь ліста жонкі Кузьмы Чорнага да Аксаны Фёдараўны Вечар, жонкі Аркадзя Куляшова. Ліст датаваны 27 чэрвеня 1942 году, калі Равека Ізраілеўна, жонка Чорнага, прыехала з Уральску — за дзень да сьмерці Купалы.

“Дорогие! Приехала в Москву вчера около 5-ти часов дня. Черный меня не встретил… Наконец, он приехал на вокзал вместе с Глебкой, и мы отправились в гостиницу… Я была свидетельницей отвратительной сцены, которую разыграл Б. (П.Броўка. — У.Н.), который называл К. (А.Кучара. — У.Н.) самыми оскорбительными словами, ругался безобразнейшими словами, его едва выпроводили… Потом Лыньков… страдал очень и кончил слезами”.

З чаго гэта Броўка, чалавек зусім не брутальны, які назаўтра ж, як піша далей у сваім лісьце Равека Ізраілеўна, прасіў у яе прабачэньня, апраўдваючыся тым, што ў яго нэрвы расхадзіліся, раптам на ўсіх разлаяўся — найбольш на Лынькова, старшыню Саюзу пісьменьнікаў? І чаму ён зьневажаў Кучара?.. Чаму яны ўсе такія нэрвовыя: “ругаются безобразнейшими словами, страдают очень и кончают слезами?”.. Ці не таму, што ўсе яны здагадваюцца ці нават ведаюць пра небясьпеку, якая навісла над Купалам? Ці не пра гэта крычыць Броўка ўсім — і найперш Лынькову: “Ды зрабіце вы што-небудзь!..” І ўсё гэта, урэшце, ці не таму, што зьместам даносу, які напісаў В.Б.Г. на Купалу, якраз і была дэзынфармацыя пра вуліцу, названую немцамі, фашыстамі, ворагамі імем народнага паэта, ордэнаносца, ляўрэата Сталінскай прэміі?

Хутчэй за ўсё, праз свайго кампэтэнтнага даносчыка самі кампэтэнтныя органы гэтую дэзу і запусьцілі. Альбо ўгадаў ён іх патаемныя пажаданьні — ёсьць у лёкаяў такая ўласьцівасьць, здольнасьць: наперад угадваць жаданьні гаспадароў. Навошта ж гаспадарам, кампэтэнтным органам такое пераправяраць? Калі гэта для іх, як кажуць, самае тое… Калі з гэтага вынікае, што ў адносінах да Купалы, які быў і застаецца ідэолягам “нац.-фашызму”, адны яны, кампэтэнтныя органы, былі празорлівымі, патрабуючы для яго неадкладнай кары. А сьляпымі былі, памыляліся, гуляючы зь ім у званьні і ўзнагароды, — хто?.. Ды яшчэ падбілі да гульні, да памылкі — каго?.. Пра гэта ўжо нават падумаць страшна… Але ж Цанава дакладваў Панамарэнку (і якраз тады, калі з Купалам у самыя высокія ўзнагароды гуляліся), што як раней друкаваліся вершы Купалы ў нацдэмаўскіх газетах побач з партрэтам Пілсудзкага, так цяпер у нац.-фашыстоўскай газэце “Раніца” — побач з партрэтам Гітлера”.

Скобла: “Кузьма Чорны праз два гады пасьля падзеяў занатаваў у сваім дзёньніку рэакцыю Глебкі на сьмерць Купалы: “Ён жыў як паэт і памёр як паэт”. Падзеньне з 10 паверху лічылася годным для паэта фіналам… Атрымліваецца, што самагубства Купалы задавальняла ня толькі афіцыйныя ўлады, але й другі бок?”

Яно задавальняла сапраўды ўсіх. Яно не дазваляла рабіць з Купалы легенду, што было небясьпечна. Што ж тут гераічнага — напіўся й зваліўся… Гэтым правакацыйным ходам спэцслужбы нарэшце давялі справу да канца. “А мы ж паведамлялі…” А тут атрымалася, што ня толькі Панамарэнка памыліўся, а і той, хто памыляцца ня можа, хто прымаў рашэньне аб узнагароджаньні Купалы ордэнам Леніна”.

Скобла: “Таварыш Сталін?”

Някляеў: “А што безь яго тады вырашалася? “Вы каго, таварыш Панамарэнка, падставілі?!” А няма чалавека — няма праблемы. І памылак няма”.

Скобла: “Мне прыгадаўся верш Яўгенія Яўтушэнкі пра сьмерць другога паэта — Марыны Цьвятаевай: “Ёсьць толькі забойствы на сьвеце, запомніце. Самазабойстваў наогул няма!” Гэта што да афіцыйнай вэрсіі пра Купалава самагубства. Скажыце, а вы асабіста верыце, што таямніца сьмерці Купалы будзе раскрытая? Мне здаецца, чым больш мінае, тым менш на гэта застаецца шанцаў”.

Някляеў: “Можа, хай і застанецца легендай. Але ня толькі легендай, але й падставай для роздуму ўсім тым, хто займаецца літаратурай: як мы гэтым займаемся й дзеля чаго? Каб урэшце ня стаць на дзясятым паверсе й не зірнуць у лесьвічны пралёт…”

АРЫГІНАЛ ТУТ

воскресенье, 3 июля 2016 г.

СВЯЦІЦЕЛЬ МІНА, ЕПІСКАП ПОЛАЦКІ.

Памяць 3 ліпеня

"Епіскап Міна здзяйсняў сваё архіпастырскае служэнне ў тыя часы, калі святло веры Хрыстовай яшчэ толькі пачынала распаўсюджвацца па нашых землях. Час і месца нараджэння свяціцеля нам невядомы. Але можна меркаваць, што адбылося гэта не пазней за 1065 год у Полацку або ў яго наваколлі. У старажытным Полацку прайшлі яго дзяцінства і юнацтва, тут закладаліся асновы і першыя вопыты духоўнага падзвіжніцтва. Дасягнуўшы паўналецця, будучы епіскап накіраваўся ў вядомы Кіева-Пячэрскі манастыр. Там праз кароткі час прыняў манашаскі пострыг і з інацкай руплівасцю і пакорным сэрцам уступіў на шлях малітоўнага падзвіжніцтва, самаахвярнага служэння Богу і бліжняму. 

Хіратонія ў епіскапа, як паведамляецца ў Іпацьеўскім і Лаўрэнцьеўскім летапісах, адбылася 13 снежня 1105 года. Здзейсніў хіратонію, верагодна, мітрапаліт Кіеўскі Нікіфар I, які сам раней займаў Полацкую кафедру. Епіскап Міна згадваецца ў «Пацерыку Пячэрскім» (Кіеў, 1661) сярод іншых епіскапаў — выхаванцаў Кіева-Пячэрскага манастыра, якія «не своим взысканием, но Божиим понуждением от глубины пещерныя на высоту Престолов святительских вознесошася…»
Епіскап Міна ўзначаліў Полацкую епархію ў той час, калі ў яе ўваходзіла пераважная большасць земляў сучаснай Беларусі. Яго свяціцельскімі малітвамі і клопатамі ўладкоўваліся храмы і манастыры, выхоўваліся новыя пакаленні пастыраў, акармлялася полацкая паства. Кафедральным храмам быў знакаміты сабор у гонар Святой Сафіі, Прамудрасці Божай, які ў перабудаваным выглядзе захаваўся да нашых дзён. Пра высокі стан асветы і маралі тагачасных палачанаў сведчыць факт, што якраз пры епіскапе Міне ўзрасла і прыняла інацкі пострыг прападобная Еўфрасіння Полацкая. Епіскап Міна, як і ншыя полацкія ўладыкі, карыстаўся надзвычай высокім аўтарытэтам, браў чынны ўдзел у справах Полацкага княства і ўсёй Кіеўскай мітраполіі. Вядомы, напрыклад, факт яго ўдзелу ва ўрачыстым перанясенні мошчаў святых мучанікаў Барыса і Глеба ў Кіеў у 1115 годзе.
Спачыў свяціцель летам 1116 года, пра што згадваецца ва Уваскрасенскім летапісе: «Того же лета преставился Мина, епископ Полоцкий июня 20». Невядома, калі адбылася кананізацыя епіскапа Міны. Верагодна, што праслаўленне было здзейснена не адразу пасля спачыну, бо ў Жыціі прападобнай Еўфрасінні Полацкай пра гэта не згадваецца. У XIX стагоддзі ён лічыўся мясцова шанаваным як іерарх з ліку Кіева-Пячэрскіх інакаў.
Невядома дакладна, дзе быў пахаваны свяціцель Міна. Але можна меркаваць, што яго святыя мошчы спачываюць каля Праабражэнскага храма Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра ў Полацку. Бо вядома, што яго пераемнік, епіскап Полацкі Ілля, даруючы прападобнай Еўфрасінні для заснавання манастыра Сяльцо, якое належала архіерэйскаму дому, сказаў: «Есть там церковь Всемилостивого Спаса, идеже братия наша лежат, прежде нас бывшие епископы». На пачатку 1990-х гадоў на тым месцы ўсталявалі памятны крыж.
У 1984 годзе свяціцель Міна разам з іншымі святымі падзвіжнікамі быў уключаны ў Сабор Беларускіх святых. У 2005 годзе ў гарадскім пасёлку Івянец Мінскай епархіі асвячоны ніжні храм у гонар свяціцеля Міны, епіскапа Полацкага."

Трапар свяціцелю Міну Полацкаму

Кіеўскіх падзвіжнікаў наследнік дастойны,/ прастолам Полацкай Сафіі ты ўзвялічаны,/ гораду і людзям памочнікам з’яўляешся,/ свяціцелю ойча наш Міна./ Слава Таму, Які даў табе благадаць,/ слава Таму, Які ўвянчаў цябе,// слава Спасіцелю Богу, Які дзейнічае праз цябе.

 

Кандак свяціцелю Міну Полацкаму

Ад пашаны зямной ухіліўшыся, / славы нябеснай спадобіўся ты, / Божым пакліканнем з глыбіні пячорнай на вышыню свяціцельства ўзышоўшы, / паству Полацкую прымножыў ты, / ойча наш Міна, / малітвеннік дбайны // за ўсіх, хто ўшаноўвае памяць тваю.