(Нібыта пра Беларусь. З "Лірнік вясковы" Уладзіслава Сыракомлі).

ЛІРА МАЯ ТЫ СПЕЎНАЯ! З ЧАРАЎНІЧАГА ДРЭВА,

МУСІЦЬ, ТЫ ЗМАЙСТРАВАНА.

ЛЕДЗЬ ВАЗЬМУ ЦЯБЕ Ў РУКІ, УСЕ, ЯК ЁСЦЬ, ТВАЕ ГУКІ,

І ПЕСНЯЙ Я ЎВЕСЬ ЗАБРАНЫ.

Избранное сообщение

ЗАНАТОЎКІ. ТРАВЕНЬ.

ПАДЗЯЛІЦЦА

КАМЕНТАВАЦЬ ТУТ (уваход праз):

четверг, 13 октября 2016 г.

Малавядомая гісторыя: Пінская рачная флятылія.

Перад самым пачаткам вайны флятылія налічвала больш за 100 розных плывучых адзінак.



У супольнай беларуска-польскай вайсковай гісторыі ёсьць адна старонка, якая слаба дасьледаваная спэцыялістамі. Гэта тэма Пінскай флятыліі. Прычым усяго некалькі чалавек займаліся гэтым пытаньнем прафэсійна як у Польшчы, гэтак і ў Беларусі.Датай стварэньня флятыліі лічыцца 19 красавіка 1919 году.




Флятылія называлася Пінскай да 1931 году, пазьней яе афіцыйная назва гучала наступным чынам: Рачная флятылія Ваенна-марскіх сіл Польшчы. Галоўным портам рачнога ваеннага флёту быў беларускі Пінск – у той час павятовы горад Палескага ваяводзтва. На ўзбраеньні флятыліі было некалькі манітораў (дарэчы, па тагачасных мерках гэта былі сучасныя караблі) – цяжкіх рачных браніраваных артылерыйскіх караблёў. Былі таксама кананерскія лодкі, бронекатары, тральшчыкі, штабное судна ды караблі забесьпячэньня. Перад самым пачаткам Другой сусьветнай вайны флятылія налічвала больш за 100 розных плывучых адзінак. Асноўная мэтай флятыліі была абарона межаў міжваеннай Польшчы, а ў выпадку вайны – апэратыўныя дзеяньні ў супрацы з сухапутнымі сіламі. Нагадаем, раён дзеяньня флятыліі знаходзіўся на самай мяжы з Савецкім Саюзам.



Ці Пінская флятылія, як яе папулярна называюць, мела сэнс і нейкае мілітарнае значэньне? Ці гэты род войск пакрысе ўжо тады пачаў адыходзіць у нябыт? Гэтае пытаньне мы задалі гісторыку, спэцыялісту па вайсковых пытаньнях Ігару Мельнікаву.І.Мельнікаў: Гэта мела сэнс, таму што гэтая вайсковая адзінка павінна была змагацца на заходнебеларускіх рэках і прыкрываць мяжу з Савецкім Саюзам. Па сутнасьці гэта былі манэўраныя й добра ўзброеныя часткі, іх лічылі як танкавыя батальёны ці нават танкавыя групы, толькі што на рацэ. Яны былі добра ўзброеныя гарматамі, кулямётамі, і ў выпадку вайны, напрыклад, паводле пляну «Ўсход» – пляну абароны тагачаснай усходняй Польшчы ад Чырвонай арміі, – маглі спакойна прыкрываць сухапутныя войскі. Дарэчы, падчас манэўраў флятылія якраз і адпрацоўвала судзеяньне з сухапутнымі сіламі.Трагедыя Пінскай рачной флятыліі заключалася ў тым, што лета 1939 года было сьпякотным, і ў рэках упаў узровень вады. А другі момант такі, што паміж Савецкім Саюзам і Польшчай афіцыйна не было вайны, і камандаваньне ня ведала, як паводзіць сябе ў такой сытуацыі. Караблі прыйшлося затапіць, але самым лепшым доказам таго, што гэтая флятылія была досыць эфэктыўнай зброяй, было тое, што савецкае камандаваньне падняло ўсе гэтыя затопленыя караблі, адрамантавала і ў чэрвені 1941 года яны досыць эфэктыўна змагаліся з нацыстамі ў складзе савецкай Дняпроўскай флятыліі. Шмат зь іх гераічна загінула, а некаторыя эфэктыўна змагаліся пад Кіевам да канца.Калі паводле тагачасных мерках ацэньваць моц Пінскай флятыліі, яе баяздольнасьць, то як бы вы ацанілі?



І.Мельнікаў: Паводле тых заходнебеларускіх умоваў, дзе было шмат багнаў, рэкаў і мала дарог, флятылія была важнай манэўранай групай, якая магла перашкодзіць любому ворагу.Гэтыя адзінкі былі досыць эфэктыўнай зброяй. Калі б не ўмяшаліся некаторыя фактары, якія я пералічыў... Насамрэч гэта былі рачныя танкі. А на той момант у Войска Польскага з танкавымі часткамі было досыць слаба, а караблі флятыліі былі добра ўзброеныя й маглі нават супрацьстаяць паветраным сілам і, дарэчы, зьбівалі нямецкія й савецкія самалёты. Маглі таксама перашкодзіць пяхоце.Апэрацыя «Багратыён», падчас якой Чырвоная армія ў 1944 годзе выкарыстоўвала Дняпроўскую флятылію, даказала, што гэта пасьпяховыя адзінкі.Савецкія войскі пры дапамозе рачных караблёў блякавалі колькасную групіроўку немцаў пад Бабруйскам. Гэта была эфэктыўная зброя, пры дапамозе якой можна было дасягнуць мілітарных посьпехаў.



Польская флятылія перастала існаваць у верасьні 1939 года, калі маракі затапілі альбо ўзарвалі свае судны й далучыліся да польскіх сухапутных сіл. Нагадаем, на такі крок маракі былі прымушаныя пайсьці з-за таго, што ўзровень вады ў рэках быў нізкі. Акрамя таго, былі ўзарваныя некаторыя шлюзы на каналах, што дадаткова ўскладняла магчымыя манэўры. Больш за тое, Чырвоная армія была ўжо на Палесьсі, і заставацца ў гэтым раёне ня мела сэнсу.


Валеры Саўко.
Фота: Narodowe Archiwum Cyfrowe/інтэрнэт - Public Domain.