(Нібыта пра Беларусь. З "Лірнік вясковы" Уладзіслава Сыракомлі).

ЛІРА МАЯ ТЫ СПЕЎНАЯ! З ЧАРАЎНІЧАГА ДРЭВА,

МУСІЦЬ, ТЫ ЗМАЙСТРАВАНА.

ЛЕДЗЬ ВАЗЬМУ ЦЯБЕ Ў РУКІ, УСЕ, ЯК ЁСЦЬ, ТВАЕ ГУКІ,

І ПЕСНЯЙ Я ЎВЕСЬ ЗАБРАНЫ.

Избранное сообщение

ЗАНАТОЎКІ. ТРАВЕНЬ.

ПАДЗЯЛІЦЦА

КАМЕНТАВАЦЬ ТУТ (уваход праз):

четверг, 1 сентября 2016 г.

ЛЁСЫ, ЗЛАМАНЫЯ МАСКОЎСКІМ НАШЭСЦЕМ.

або Ці будзе ў Мінску вуліца бурмістра Івана Фурса? Піша гісторык-архівіст Зміцер Дрозд.


(РУССКИЙ ТЕКСТ ЗДЕСЬ)

У межах чалавечага жыцця — ці нават у жыцці некалькіх пакаленняў — існуюць своеасаблівыя пункты адліку, якія дзеляць свет на «да» і «пасля». Звычайна гэта нейкае ўсеагульнае узрушэнне, вядомае і зразумелае кожнаму. Можна сказаць: да рэвалюцыі, да вайны, да развалу СССР… Пасля Другой сусветнай мінула больш за 70 гадоў, а мы, дзеці і ўнукі пасляваеннага пакалення, кажам: яшчэ да вайны, і разумеем, пра што гаворка.
 Былі такія пункты адліку і ў нашых продкаў. На іх можна натрапіць у актавых кнігах. Падобныя «засечкі» на часе кажуць больш за сухія даты, і ты ловіш сябе на думцы, што ўжо значна лепш разумееш тое канкрэтнае пакаленне і іх нашчадкаў. Разумееш: якая падзея адыграла галоўную (часта фатальную) ролю ў жыцці гэтых людзей.


Дваццаць гадоў рабства


 16 верасня 1680 года. Засядае Менскі магістрат — орган самакіравання. Згодна з Магдэбургскім правам, менскія мяшчане самі выбіралі тых, хто будзе кіраваць горадам: бурмістраў, лаўнікаў. Ідзе руцінная праца, у актавыя кнігі магістрата ўносіцца звычайная купчая крэпасць:
«…перад намі Тамашом Янам Рук’янскім лентвойтам, …Паўлам Алісевічам Філіповічам, бурмістрам, …ратманамі і лаўнікамі… з’явілася асабіста менская мяшчанка Ганна з Сальцэвічаў у замужжы Станіславава Нарцішэўская і вячыста продажны запіс … пану менскаму бурмістру Яну Фурсу Уласавічу выдадзены, асабістым прызнаннем зацвердзіла, і прасіла той запіс унесці ў кнігі Менскай гарадской магдэбургіі».
 Вячыста прадажны запіс — гэта продаж на вечныя часы. У дадзеным выпадку, здзелка на ўчастак зямлі пад Менскам у раёне цяперашняй Веснінкі. Пакупнік — менскі бурмістр Ян Уласавіч Фурс, прадавец — менская мяшчанка Ганна Нарцішэўская. Пачатак дакумента адразу задае тыя самыя часавыя арыенціры, зразумелыя ўсім засядальнікам: «… што за нашэсцем у 1655 годзе непрыяцеля масквіціна у горад Менск».
 Форма «масквіцін» цяпер практычна не выкарыстоўваецца, яна захавалася, хіба ў прозвішчах, выцесненая больш хадавым варыянтам «маскаль». Але менавіта «масквіцінам» пазначаў сябе ў кнігах друкар Іван Фёдараў, менавіта так ён названы на надмагільным камені — гэта вызначэнне не мела абразлівага характару і выкарыстоўвалася не толькі як назва, але і як саманазва. Ва ўтварэнні гэтага слова можна правесці простую паралель: Вялікае Княства Літоўскае — ліцвін, Вялікае Княства Маскоўскае — масквіцін. Па сутнасці, аналаг сучаснага словы «расеец». Але ўзнікла слова тады, калі Расіі яшчэ не было, і яно надоўга стала вызначэннем жыхароў суседняй дзяржавы на ўсходзе — часцей, на жаль, не друкара, а салдата, агрэсара.
 Слова «масквіцін» паступова выцяснялася з ужытку, але яго выкарыстаў яшчэ Адам Міцкевіч. Напрыклад, у паэме «Дзяды» наш паэт уклаў у вусны вязня такія словы:



Што, буду вольны я? Адкуль прыйшла навіна?
Хіба ж магчыма вольным стаць ды з ласкі масквіціна?
Яны бандыты — здымуць з рук і ног кайданы,
Каб душу закаваць, і стану я выгнаннік.



Але для сям'і Ганны Нарцішэўскай, як і для дзясяткаў тысяч яе сучаснікаў і землякоў, маскоўскае нашэсце скончылася менавіта рабствам. Не «душэўным», як у Міцкевіча, а самым натуральным: «Я з мужам маім панам Станіславам Нарцішэўскім і з дзецьмі маімі ў Менску былі ўзятыя ў палон маскоўскім войскам, і адпраўленыя былі разам з палоннымі за Сталіцу, дзе пацярпелі муж і дзеці мае, якія ў цяжкай няволі памерлі. А я, застаўшыся жывая, праз 20 гадоў знаходзілася ў няволі».
 Усяго некалькі радкоў з далёкага XVII стагоддзя… А колькі яны кажуць нам пра тое, пра што доўгі час і казаць было нельга. «Непрыяцель масквіцін» напаў на Менск і адвёў у палон аж за Маскву, за тысячу кіламетраў, сям'ю Нарцішэўскіх. У жывых засталася толькі Ганна. 20 гадоў яна прабыла ў рабстве, і толькі пасля нейкім чынам, хутчэй за ўсё, састарэўшы і стаўшы бескарыснай ў гаспадарцы, вярнулася дадому.
 Лёс Нарцішэўскіх паўтарылі тысячы і тысячы беларускіх сем'яў. Вайна паміж Вялікімі Княствамі Літоўскім і Маскоўскім 1654—1667 стала адным з найцяжэйшых выпрабаванняў за ўсю гісторыю нашай зямлі.


 Людскія страты беларускай зямлі падчас баявых дзеянняў, разні ў гарадах, якія адважыліся супраціўляцца, зводу ў палон, эпідэмій склалі, паводле некаторых падлікаў, каля 1,5 млн чалавек.
 Гэтая вайна была не наездам з мэтай рабавання, а спробай заняць усю нашу зямлю раз і назаўжды. Менавіта тады ў тытуле маскоўскага князя Аляксея Міхайлавіча з'явіўся дадатак «Гаспадар, Цар і Вялікі князь усяе Вялікая і Малыя і Белыя Расіі Самадзержац, смаленскі, літоўскі, гаспадар і вялікі князь полацкі, віцебскі і мсціслаўскі». Той прэтэнзіі на Беларусь маскоўцы ўжо не адракліся.
Менавіта тое нашэсце скончылася падпісаннем у 1667 Андрусаўскага перамір'я, паводле якога Рэч Паспалітая страціла велізарныя тэрыторыі на ўсходзе: Смаленшчыну, Браншчыну, Чарнігаўшчыну, левабярэжную Украіну, Кіеў…

                   Маскоўскае войска XVII ст. Сучасны малюнак.

 Вайна бязлітасна пракацілася па сям'і Нарцішэўскіх, і Ганна Нарцішэўская, якая сведчыла ў Менскім магістраце пра жудасныя выпрабаванні, магла быць пэўная: яе зразумеюць. Ніхто ўжо не чакаў, што хоць хтосьці з гэтай сям'і вернецца на радзіму. Сябры і сваякі даўно падзялілі маёмасць Нарцішэўскіх, і Ганне даводзілася праз суды вяртаць яе. За той час, што сям’я была ў палоне, сведчыла Нарцішэўская, «усё, што належала мне ў Менску, сябры мае і сваякі ў староннія рукі аддалі, і самі памерлі. Таму, калі я вызвалілася з палону, і вярнулася ў Менск …ледзьве адзін сенакос ў Крупцы… які цяпер знаходзіцца ва ўласнасці Еўдакіі Дзівовічаўны Янавай Кастравіцкай, адшукала. Яго я ў парадку законнай спадчыны па нябожчыку дзядзьку маім Івану Радошкоўку адсудзіла. А цяпер, знаходзячыся ў вялікай беднасці, і не маючы чым пракарміцца, маючы патрэбу вельмі ў грошах, тую сенакосную зямлю ў Крупцы… з добрай маёй волі пану бурмістру Менска Івану Фурсу Уласавічу на вечныя часы за атрыманыя мной у наяўнасці грошы 12 коп літоўскіх яму самому і спадкаемцам яго прадала…»
 Будзем спадзявацца, што старасць Ганны Нарцішэўскай, забяспечаная сродкамі ад продажу зямлі, была хоць трохі лягчэйшай за маладосць.
 Адзначым, як працавала тады права — нават у нашы часы чалавеку, які раптам з’явіўся з нябыту праз 20 гадоў, наўрад ці ўдалося б вярнуць сабе хоць нешта з былой маёмасці.

Водападзел


Лёс Ганны Нарцішэўскай — малы эпізод велізарнай трагедыі нашых продкаў. Апісанні жудасных карцін спусташэння Менска паўтараюцца з дакумента ў дакумент. Прычым у гаспадарчых або маёмасных паперах, дзе не можа быць ніякай «русафобіі». Тое, што маскоўская агрэсія стала своеасаблівым часавым водападзелам, пацвярджае мноства дакументаў.
 Мы знаходзім іх нават сярод аналагічных купчых на зямлю вакол той жа Веснінкі. Так, ужо вядомы нам па артыкуле «Гісторыя Масюкоўшчыны: зямля беларуса-татарына Мусы Абрагімавіча Сяліцкага» Аляксандр Сяліцкі ў 1745 годзе такім чынам апісвае гісторыю свайго зямельнага валодання, які стаў пасля Масюкоўшчынай: «Я Аляксандр Сяліцкі Абрагімавіч, татарын Менскага ваяводства, выдаў гэтую купчую крэпасць у тым, што я, маючы вядомую зямлю … на адлегласці адну мілю ад Менска ва ўрочышчы Колодзежы восем валок за могілкамі татарскімі старымі з лесам, цяпер спустошанымі, з сенажацямі, зараснікамі і ворнымі палямі, цяпер зарослымі, на якой зямлі дзед мой Абрагам Геліяшавіч перад уварваннем маскоўскім (Inkursjo Moskiewską) пабудаваў фальварак… »
 У наступным дакуменце чытаем: «Што ж тычыцца млына і сажалкі, што знаходзяцца на рэчцы Крупцы, і сенакосаў, якія абапал рэчкі Крупца ляжаць. Паколькі тыя сенакосы… яшчэ да ўварвання маскоўскіх войскаў належалі розным уласнікам, …а потым Войцех Банкоўскі абодва сенакосы набыў і, маючы абодва берагі рэчкі Крупца, папяровы завод і млын пачаў будаваць, а за ўварваннем маскоўскіх войскаў не скончыўшы будаўніцтва, пакінуўшы толькі дачку Дароту Банкоўскую, у малалетнасці скончыў жыццё». Яшчэ адны планы, разбураныя маскоўскім уварваннем, яшчэ адно жыццё, абарванае ў маладосці, яшчэ адна сірата…

«Дзеля вечнай за тое памяці»


Нават у дакументах, складзеных больш чым праз стагоддзе, захоўвалася памяць пра разбуральнае маскоўскае нашэсце.
Так, у купчай крэпасці 1774 г. на ўчастак зямлі, размешчаны тут жа — паблізу Веснінкі — зададзены тыя ж часавыя арыенціры: «Яшчэ да 1655 года, за надыходам няшчаснай маскоўскай вайны». Муж і жонка Іван Скваркоўскі і Крысціна з Алісевічаў, па першым шлюбе Фурсава, і яе дзеці ад першага шлюбу Матэвуш і Іван прадавалі зямлю пану мазырскаму гараднічаму Самуілу Яленскаму. Дакумент змяшчае факты, якія, калі б мы не згадалі вышэй год складання, можна было б палічыць апісаннем нашай зямлі пасля другой сусветнай вайны: «Правінцыі Вялікага Княства Літоўскага і гарады, што ў іх знаходзяцца, варожым войскам цалкам разрабаваныя і амаль ва ўласных папялішчах зніклі; у такім усеагульным спусташэнні правы, вольнасці і прывілеі, польскімі каралямі месту Менскаму нададзеныя… нешчаслівым выпадкам былі знішчаныя…»
 ВКЛ ляжала ў руінах і папялішчах. Акрамя велізарных людскіх і матэрыяльных страт гэтая вайна скончылася для нашых продкаў і вялізнымі стратамі дакументальнай спадчыны. І сёння гэта не дазваляе нам паўнаварта асвятліць многія старонкі нашай гісторыі, а тады гэта мела і вялікае практычнае значэнне. Горад Менск апынуўся без дакументаў, у статусе глухога хутара. Як весці гандаль? Як парадкаваць уласнасць? І вось тады за аднаўленне зніклых у полымі вайны прывілеяў узяўся менскі бурмістр Іван Фурс.

«…калі пачалі збірацца на папялішчы гарадскія, тады прадзед наш Фурсаў, менскі бурмістр Іван Уласавіч Фурс, на пераканаўчую просьбу чальцоў магістрата для хадайнічання аб канфірмацыі правоў і прывілеяў… для атрымання вольнасцяў… і новых для места Менскага прывілеяў значныя меў вытраты. …па гэтай справе і на іншыя гарадскія патрэбы па просьбе чальцоў магістрата з уласнай кішэні выдаткаваў… 854 злотых, якія той жа прадзед наш Іван Уласавіч Фурс, падарыў гораду дзеля здабыцця дзецям сваім вечнай за тое памяці".

Такім чынам, менскі бурмістр бярэ на сябе клопаты па аднаўленні гарадскіх дакументаў і робіць гэта за кошт сваіх сродкаў, адзіна дзеля вечнай за тое добрай памяці. Сваю місію ён паспяхова выканаў, але нашчадкі апынуліся менш удзячнымі, і сёння добрыя справы гэтага чалавека забытыя. Дзясяткі вуліц сучаснага Мінска названыя імёнамі чужых «герояў», якія нічога добрага не зрабілі для нашай краіны і горада, а імёны сапраўдных грамадзян і гараджан адышлі ў нябыт. Імем бурмістра Івана Фурса варта назваць адну з вуліц у новых раёнах паблізу Масюкоўшчыны — там жа некалі была яго зямля.

Як руйнаванне стала «вяртаннем»


 Зрэшты, частка выдаткаў Фурса была кампенсаваная яшчэ пры яго жыцці: 

«Між тым горад, тады разрабаваны, і, на руінах зноў будуючыся, пры розных вытратах сваіх, не маючы чым і тых 230 чырвоных прадзеду нашаму выплаціць, па супольнай радзе… вядомы ўчастак ратушнай зямли, пустой, лесам зарослай, з рэчкай Крупцом таму ж прадзеду нашаму прапанаваў аддаць у заклад… на шэсць год ад 1669 года…»

Спустошаны вайной Менск не змог і праз шэсць гадоў выкупіць закладзеную зямлю, і гэта часовае карыстанне участкам, размешчаным у раёне Веснінкі, расцягнулася на стагоддзі. Участак неаднаразова мяняў уласнікаў, і вось амаль праз 200 гадоў, ў 1855-м чарговы ўласнік, памешчык Мінскага павета адстаўны капітан расійскіх войскаў Аляксандр Іванаў сын Дарэўскі-Вярыга сутыкнуўся з праблемамі: горад раптам успомніў, што гэтая зямля не была прададзеная, а аддадзеная у заклад на час: «Іван Фурс, а потым яго пераемнікі, узяўшы ў кіраванне закладзеную зямлю, пустую, зарослую, расчысцілі такую, угнаілі, у многіх месцах забудавалі так, каб яна магла прыносіць карысць і прыбытак, чаго раней не было, але горад не толькі ў акрэсленыя ў здзелцы, але цягам амаль 200 гадоў закладзенай зямлі не выкупіў і як занятых грошай, так і вытрачаных на расчыстку, угнаенне і забудову грошай не выплаціў, а насупраць таго да 1780 года, самавольна і гвалтам адабраў закладзеную зямлю ад вотчыннікаў маёнтка Веснінкі і яшчэ спадчыннай таго мяёнтка частку зямлі, аддаў розным асобам ва ўтрыманне, аб чым знаходзяцца пад справай доказы і скаргі вотчыннікаў; нарэшце, за вяртаннем Заходняга края да Расіі, аднавілася справа пра гэту спрэчку…»

 Гісторыя маёнтка Веснінкі — тэма для асобнага артыкула. Але варта звярнуць увагу, як змянілася лексіка ўласнікаў гэтай зямлі. Калі 200 гадоў таму Ганна Нарцішэўская, Аляксандр Сяліцкі, Іван Фурс і іншыя менчукі пісалі пра жудасныя няшчасці і спусташэнне, прынесеныя маскоўскімі войскамі Менску і Вялікаму Княству Літоўскаму, а іх нашчадак Вярыга (з прысвоеным прыдомкам Дарэўскі) без згрызот сумлення называе нашу зямлю «Заходнім краем », а анексію — «вяртаннем».
 Цяжка сказаць, якімі міфамі нашчадкі масквіцінаў абгрунтавалі сваё права валодання нашай зямлёй, бо з гістарычнага пункту гледжання гэта не мае ніякіх падстаў. Беларусь да таго «вяртання» ніколі не ўваходзіла ў склад Маскоўскага княства ці Расіі, калі не браць у разлік непрацяглыя перыяды акупацыі падчас шматлікіх войнаў. Але «гісторыю пішуць пераможцы», і пішуць яны яе менавіта такім чынам, каб заваяваныя народы забывалі сваю сапраўдную гісторыю і былі ўдзячныя акупантам за «вызваленне».
 Прайшло 200 гадоў пасля знішчэння ВКЛ, і нашчадкі тых, хто цудам выжыў пасля маскоўскіх нашэсцяў, хто вярнуўся з палону, хто застаўся сіротамі, упэўнена прамаўляюць блюзнерскую фразу: «Мы заўсёды былі разам»…

* * *
Зміцер Дрозд — гісторык-архівіст, аўтар кніг «Землеўласнікі Мінскай губерні 1861—1900», «Землеўласнікі Мінскай губерні 1900—1917». Пасля Плошчы-2010 быў асуджаны за ўдзел у «масавых беспарадках» на тры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Выйшаў на волю ў жніўні 2011.

КРЫНІЦА: "Наша ніва"