(Нібыта пра Беларусь. З "Лірнік вясковы" Уладзіслава Сыракомлі).

ЛІРА МАЯ ТЫ СПЕЎНАЯ! З ЧАРАЎНІЧАГА ДРЭВА,

МУСІЦЬ, ТЫ ЗМАЙСТРАВАНА.

ЛЕДЗЬ ВАЗЬМУ ЦЯБЕ Ў РУКІ, УСЕ, ЯК ЁСЦЬ, ТВАЕ ГУКІ,

І ПЕСНЯЙ Я ЎВЕСЬ ЗАБРАНЫ.

Избранное сообщение

ЗАНАТОЎКІ. ТРАВЕНЬ.

ПАДЗЯЛІЦЦА

КАМЕНТАВАЦЬ ТУТ (уваход праз):

четверг, 29 сентября 2016 г.

КОЖНАЕ СЛОВА - БОЛЬ.

пагроза страты нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў узрастае.

Заканамерныя спадзяванні нацыянальных патрыётаў, што з абвяшчэннем Беларусі суверэннай дзяржавы будзе нарэшце скончана з русіфікацыяй яе тытульнага народа, не спраўдзіліся.


Кволая надзея на этнічны рэнесанс існавала, толькі калі ў краіне функцыянавала (шкада, што так нядоўга) парламенцкая сістэма кіравання. Улетку 1994 года ўсімі праўдамі і няпраўдамі яе замяніла прэзідэнцкая сістэма кіравання, і праз праведзеныя ёю ў маі 1995-га і лістападзе 1996-га рэферэндумы ўдалося вярнуць русіфікацыю ў колішняе звыклае для яе рэчышча.

Сёння дастаткова важкіх падстаў сцвярджаць, што ў суверэннай Беларусі ўлады значна больш паспяховаажыццяўляюць культурна-моўную русіфікацыю яе карэннага насельніцтва, чым гэтага ўдавалася дамагацца царызму і бальшавікам. Відаць, у тых хоць нейкі сорам быў за незаслужаны здзек з беларусаў, чаго ні граму няма ў сучасных дзяржаўных функцыянераў. За больш чым дваццацігадовае функцыянаванне прэзідэнцкай вертыкалі адбылося такое буйнамаштабнае руйнаванне нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў, што нават самі высокія палітыкі, лічым у многім абгрунтавана, атаясамліваць іх з рускімі.

Незаменныя страты беларусаў у сваёй нацыянальнай самабытнасці хвалююць шмат каго з прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, але ж зусім не кранаюць душы палітыкаў, асабліва самых высокіх катэгорый. Яны нібыта зацыкліліся на сваіх «гістарычных» дасягненнях у русіфікацыі ўласнага народа і іншага кірунку для нацыянальнай палітыкі не хочуць бачыць. А дарэмна, бо пры страце этнакультурнай самабытнасці людзі перастаюць быць перакананымі, актыўнымі носьбітамі дзяржаўнага суверэнітэту. Пры любым зручным моманце яны, не задумваючыся, могуць гужам пацягнуцца да краіны, культуру і мову якой засвоілі, выкінуўшы на задворкі такія свае ўласныя каштоўнасці.

Мы вялікія спадзяванні (зараз іх у нас няма) ускладалі на Год культуры. Думалася, калі раней пра такі нацыянальны зрэз зацята маўчалі, дык ужо сёлета будзе весціся пра яго бесперапынная прафесійная гаворка, прычым у абавязковым парадку па-беларуску. Нічога ж падобнага не назіралася за мінулыя месяцы сёлетняга года. Вялася гаворка пра культуру ў цэлым, у чым у нас няма асаблівых праблем. Для многіх не сакрэт, што ахілесавай пятой нашай культуры быў і застаецца яе нацыянальны спектр. Калі тут нічога карэнным чынам не мяняць, дык беларусы ў сваім родным доме трансфармуюцца ў тыповых носьбітаў выключна рускай культуры.

Проста неверагодна, што ў Год культуры мы ні ад каго з кіраўнікоў культуры, вядомых прафесіяналаў, навукоўцаў у гэтай сферы не пачулі ні па радыё, ні па тэлевізары грунтоўнай гаворкі пра выключную ролю беларускай мовы ў дадзенай найгалоўнай нацыястваральнай сферы дзейнасці чалавека. А як нам хацелася пачуць такое! Затое па-сапраўднаму бударажыла, гадзінамі не давала нам супакоіцца, калі кіраўнікі сферы культуры, прычым і самага высокага рангу, узнёсла разважалі пра яе стан пераважна толькі па-руску. Патлумачыць такую ненармальную, супярэчлівую нашаму нацыянальнаму інтарэсу практыку можна толькі дзвюма прычынамі: альбо невалоданнем гэтымі асобамі беларускай мовай, альбо свядомым ігнараваннем яе. За стырном нашай культуры павінны знаходзіцца толькі беларускамоўныя капітаны.

Не здолелі (а мо проста не пажадалі?!) і ў Год культуры на службу беларускага нацыянальнага інтарэсу паставіць ужо даўно набыты статус традыцыйнага свята «Славянскі базар» у Віцебску. А ён жа ў дадатак да ўсяго яшчэ быў юбілейным, 25-м па ліку. Як трывала ўсталявалася: і сёлета руская культура атрымала ад яго ў сотні разоў больш карысці, чым беларуская. А ці ж ёсць логіка ў гэтым? Паколькі ён праводзіцца на беларускай зямлі, чаму б, скажам, не зрабіць за правіла, каб у рэпертуарах замежных спевакоў быў абавязковым і беларускамоўны нумар?

У Год культуры праведзена нямала, і яшчэ будуць ладзіцца самой дзяржавай, грамадскасцю розныя мерапрыемствы агульнапалітычнага характару. Падчас іх ніяк нельга не ўздымаць на першае, самае высокае месца нацыянальнай культуры  яе асноўнага складніку — беларускай мовы.

Як прынята пры правядзенні дзяржаўных святаў, і 3 ліпеня не абышлося без даклада палітычнага лідара краіны, без шматлікіх афіцыйных выступленняў на старонках газет, па радыё і тэлебачанні. Шмат якія ўзнімаліся пытанні, але пераважалі тыя, што ўжо нядужа ўспрымаюцца людзьмі, бо вельмі надакучылі ім. Затое пра нелюбімую ўладамі праблему — нацыянальную культуру — не чулі ні слова. Яе (праблемы) нібыта не існуе і ў самой прыродзе. Якая вялікая, якая недаравальная памылка! Яна ж (названая праблема) сёння для палітыкаў павінна быць больш важнай, чым змаганне з карупцыяй.

А вось калі б дзяржава на поўным сур’ёзе ўзялася за развязванне нацыянальна-культурнай праблемы і дамаглася пэўнага выніку, дык у нас многа што карэнным чынам перамянілася б да лепшага. Не сумняваемся, паніклі б галовы і ў саміх карупцыянераў, зменшыліся б эміграцыйныя плыні за мяжу, бо людзі здаровай нацыянальнай самасвядомасці не абкрадваюць родны народ, не шукаюць сабе шчасця ў чужых краінах, калі існуюць сур’ёзныя праблемы ва ўласнай. І гэта яшчэ не ўсё: неадарваны ад нацыянальных, бацькоўскіх культурна-моўных традыцый чалавек — гэта самая надзейная апора краіны на выпадак узнікнення рэальнай пагрозы для яе дзяржаўнага суверэнітэту, што сёння і для Рэспублікі Беларусь з’яўляецца надзвычай актуальным, улічваючы ўсё тое, з чым сутыкнулася яе паўднёвая суседка Украіна.

У Год культуры не спраўдзіліся нашы надзеі на прыцягненне ўвагі да нечуванай размытасці беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці з боку абсалютнай большасці ўдзельнікаў V Усебеларускага народнага сходу (праходзіў 22–23 чэрвеня). А іх жа з усіх куткоў краіны з’ехалася каля 2500 чалавек?! Якая сілішча! На добры лад, амаль кожны пяты з іх, а то і чацвёрты, павінен быў узнімаць заклапочаную гаворку пра прычыны глыбіннай дэфармацыі нацыянальных асноў культурнага жыцця беларускага народа, уносіць канкрэтныя прапановы па выхадзе з гэтай архінебяспечнай тупіковай сітуацыі. На вялікі жаль, такія канструктыўныя выступы вельмі рэдка гучалі. А дарма! Далей ужо ніяк нельга маўчаць. Дамаўчаліся!

У канцы ліпеня ў газетах з’явіліся прыемныя звесткі аб завяршэнні працы па складанні Кодэкса Беларусі аб культуры. Ён быў прыняты Палатай прадстаўнікоў і ўхвалены Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу. Што ж, гэта вельмі пахвальна. Праца вялася з 2011 года. У ёй удзельнічала нямала добра вядомых у краіне дзеячаў культуры і навукоўцаў, занятых даследаваннем гэтай сферы. Дакумент выкананы на беларускай мове, што заслугоўвае толькі пахвалы. Але ж калі ў Кодэксе адсутнічае адмысловы раздзел «Нацыянальная культура», нуль цана гэтаму нарматыўнаму акту, бо атрымліваецца, што на яго падрыхтоўку толькі змарнаваны час. Плошчы ж на раскрыццё праблемы нацыянальнай культуры хапіла б у Кодэкса: займае прыкладна 400–500 старонак. А калі яна там адсутнічае, дык ці не назавуць тады многія сам кодэкс звычайным бюракратычным дакументам? Баімся, што можа паспяшаўся міністр культуры Барыс Святлоў у інтэрв’ю газеце «Звязда» (26 ліпеня) параўнаць Кодэкс аб культуры з Бібліяй культуры.

З культурай увогуле ў нас неблагія справы. А вось калі вылучыць і прааналізаваць яе нацыянальны пласт — тут поўны правал, сапраўдная катастрофа. І гэта нядзіўна: яшчэ ніводнаму народу не ўдалося — і не ўдасца! — дасягнуць нацыянальнага культурнага росквіту па-за роднай мовай. А ў нас менавіта так і стараюцца развіваць культуру. Нездарма тут у «русского языка» ў дзясяткі разоў мацнейшыя пазіцыі, чым у беларускай мовы.Такое ж паднявольнае, рабска-халуйскае становішча апошняй тлумачыцца яе малапрыкметнай, проста мізэрнай роляю ў афіцыйным жыцці краіны, не выключаючы і сферы адукацыі і выхавання, што выклікана галоўным чынам адпаведнай нацыянальнай палітыкай самой прэзідэнцкай вертыкалі. Некалькі гадоў да яе з’яўлення на свет у нас, без перабольшання, меліся сур’ёзныя зрухі ў адраджэнні беларускай мовы, планамерным уключэнні яе ў грамадскі ўжытак. Народ паверыў тагачаснай уладзе і без усялякага прымусу пацягнуўся да роднага слова.

Нам трэба як мага хутчэй у чарговы раз зноў вывесці грамадства на такі ўзровень беларускамоўнай свядомасці, актыўнасці. І на гэты раз першую скрыпку павінна граць сама дзяржава ў асобе Лукашэнкі па волі якога менавіта і сталі з сярэдзіны 1990-х гадоў мэтанакіравана надаваць рускай мове парытэт у абслугоўванні афіцыйнага жыцця. Калі нам удасца памяняць тут ролямі беларускую і рускую мовы — а гэта трэба абавязкова здзейсніць! — беларусы тады не стануць ахвярай русіфікацыі, захаваюць сваю так неабходную ім для шчаслівай будучыні нацыянальную ідэнтычнасць.

Шкада, што нават і ў Год культуры мы і кроку не зрабілі ў гэтым вырашальным для тытульнага народа краіны накірунку. Аднак не будзем заганяць сябе ў роспач. Неўзабаве пачнецца новы 2017 год, які будзе праходзіць пад знакам ушанавання 500-годдзя ад часу выдання нашым таленавітым асветнікам, першадрукаром кніг на старабеларускай мове. І як бы пасавала такім агульнанародным урачыстасцям абвяшчэнне 2017 года Годам беларускай нацыянальнай культуры.



Прафесары Мікола Савцкі, Леанід Лыч.

Комментариев нет:

Отправить комментарий